110 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Куляшова

Шостага лютага спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова – адзінага паэта Магілёўшчыны, удастоенага гэтага высокага звання. Яго імя вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка па-за яе межамі. Куляшоўская паэзія ўжо даўно стала класікай, але яна – не толькі гісторыя беларускай літаратуры. Паэтамі такога маштабу і глыбіні як Куляшоў у кожную эпоху становяцца лічаныя адзінкі. Як мысліцель ён абганяў свой час, і таму яго слова па-ранейшаму сугучна нам, яго нашчадкам. Толькі задумайцеся: яшчэ ў далёкім 1947 годзе, за паўтара дзесяцігоддзя да першага палёту чалавека ў космас ён напісаў на гэту тэму верш “Зямля”, што вельмі ўразіла беларускага касманаўта Пятра Клімука. Тут ёсць над чым падумаць і ёсць чаму здзівіцца, і ўсё ж, напэўна, здзіўляцца не варта: вялікі паэт – заўсёды прарок. З нагоды ўшанавання памяці юбіляра прапануем вашай увазе відэагляд творчасці нацыянальнага паэта, а таксама запрашаем наведаць віртуальны музей Аркадзя Куляшова “Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога”, які па праву лічыцца электроннай энцыклапедыяй жыцця і дзейнасці творцы.
Back to Top