«Будзе – не будзе», – сядзіш, гадаеш наконт магчымасці дажджу, гледзячы на сонейка, што праглядае паміж хмарамі, і адчуваючы, як падаюць асобныя кроплі. Нейкі сонечны дождж атрымліваецца. Ага, «Сонечны дождж» – верш такі ёсць!
Сонечны дождж на зямлю не трапляе,
Слізгаецца па лістоце, як смоўж.
Зрэдку краплістая кропля страляе.
Сонейка свеціць, стамляецца дождж.
Так бы й застацца галінкай зялёнай
Тут, дзе прамень між галінак завіс.
Тут і стагоддзі губляюцца ў кронах,
Не ападаючы з лісцем уніз.
Дожджык сляпы... І я вочы заплюшчу,
Як лесавінка, схаваюся ў мох
Ды назаўсёды ўвасоблюся ў пушчу,
З ёй уздыхну: сцеражы мяне, Бог...
Данута Бічэль-Загнетава