«Далучэнне Беларусі і Украіны да ЕС прывядзе да краху імперыі», Ціханоўская – Еўрапарламенту

Беларуская лідарка выступіла ў Еўрапарламенце. Падчас выступу Святлана Ціханоская распавяла пра рэальны стан справаў у Беларусі, падкрэсліла гераізм беларусаў у змаганні з дыктатурай Лукашэнкі і заклікала еўрадэпутатаў падтрымаць еўрапейскі выбар, які абраў беларускі народ. Вось частка яе выступу: «У адрозненні ад вайны ва Украіне, наша вайна – ціхая. Мэта Крамля ў гэтай вайне такая ж, што і ва Украіне: ператварыць Беларусь у калонію Расіі. Пуціну у гэтай справе дапамагае Лукашэнка – ён па частках прадае незалежнасць нашай краіны. Дапамажыце нам прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці. Ён не заслуговае анічога, акрамя квітка ў адзін бок у Гаагу. У нашай ціхай вайне паказалі сябе мноства ціхіх герояў. Настаўнікі, што адмаўляюцца вучыць дзяцей «дзяржаўнай ідэалогіі». Сумленныя чыноўнікі, якія дзеляцца каштоўнай інфармацыяй. Бізнесмены, што таемна дапамагаюць сем’ям рэпрэсаваных. Пенсіянеры, якія звярнуліся да мяне з просьбай «перадаць еўрапейцам, што мы не здамося». Мы хочам вярнуцца дадому. Дадому ў Еўропу. Беларускія дэмакратычныя сілы прынялі сумесную дэкларацыю, што акрэслівае нашу стратэгічную мэту – уваходжанне Беларусі ў ЕС. Ведаю, што гэта доўгі працэс і ён не будзе лёгкім. Аднак для нас няма зваротнага шляху. Еўрапейскі саюз – гэта будучыня, да якой мы імкнёмся і ў якой прагнем застацца назаўсёды».
Back to Top