Заўсёды я намагаўся дадаваць у вударства разнастайнасць. То грыбоў між справай назбіраю, то за птушкамі паназіраю ды з сабакамі пашпацырую, ці во, як часцяком раблю цяперака, цікавостку якую наведаю ды верш адпаведны ёй прачытаю. А шчэ раней любіў падчас рыбалоўлі пікнікі ладзіць, то бок не проста паядунак, каб хуценька падсілкавацца небагатым “тармазком”, а каб са смакам, з адчуваннем знаходжання на прыродзе. Любіў агонь раскласці, не абавязкова паўнавартаснае вогнішча, а часцей невялікае цяпельца, каб некалькі скрылёчкаў сала пасмажыць: кіну трохі лаўжоў – ды і годзе. І часу шмат не займае, а ўсё-ткі нейкая іскрынка з тых жарынак атрымлівалася. Вось нават і каламбур выйшаў.
Паміж валэнданнем па вільготных ды гразкіх рачных берагох маглі нават удваёх з Топікам пасядзець трошачкі ля барвовага прыска, які загадкава сквірчэў, пакуль церушыў дождж. Мабыць, з той пары ўпадабаў мой калматы хаўруснік такія паядункі і цяперака ежа яго больш цікавіць на прыродзе, чым у хаце. А мо гэтым як бы намякае: а ці не пара нам павандраваць, вось і апетыту якраз няма?!
А чаму б і не? Ды і жонку трэба праветрыць, а то пачала яе апаноўваць восеньская скруха. Не, гэтым часам ніяк нельга маркоціцца, бо сярэдзіна восені – надта адметная пара, са сваімі асаблівымі працэсамі, пахамі, традыцыямі ды ўспамінамі. У дадатак і шчупак разварушыўся – самы час з ім павітацца!
Па адрознаму восеньскаму рыбацтву сумавалі, мусіць, мацней, чым па сілкаванню на беразе, таму цяпельца вырашылі запланаваць на наступнае падарожжа, а цяперака абмежавацца паядункам у драўлянай паветцы і болей парыбаліць.
Нічога мудрагелістага не рабілі – карысталіся толькі вярчальнымі блешнямі, якімі прызвычаіліся лавіць ужо каторую восень. Чакалі на гапліках шчупакоў, але найперш з’явіліся ладныя акуні. Зусім не саромеліся яны досыць велькіх прынад з яркімі пялёсткамі.
Ну а пасля хвалюючых прыгод на кладках маляўнічай сажалкі, вядома ж, і апетыт з’явіўся. Гледзячы на Топіка з Сімай, якія трушчылі свае “галушкі”, і мы з жонкай смачна падсілкаваліся пад духмяную гарбатку. Але, мабыць, недастаткова, бо, вярнуўшыся дахаты, вырашылі, так бы мовіць, адзначыць добрае восеньскае рыбацтва ля прыска мангала.
426 views
398
94
2 months ago 00:02:56 426
Відэанарыс пра разнастайнасць у вударстве
5 years ago 00:02:33 17
Глядзець пчол на Палессі
5 years ago 00:16:06 41
История с географией. Старое село, Белыничский район, Могилевская область [БЕЛАРУСЬ 4- Могилев](8)