ФЭСТ У ГОНАР МАРЫІ УСПАМОГІ ХРЫСЦІЯНАЎ

24 мая ў парафіі Св.Міхала Арханёла ў Смаргоні ўрачыста адзначалі свята Марыі Успамогі Хрысціянаў. Пад час святой імшы члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА) склалі свае абяцанні. А таксама адбыўся акт ахвяравання Сям’і Салезіянскай Марыі Успамогі Хрысціянаў. На працягу дзевяці дзён вернікі парафіі маліліся навэннай да Марыі Успамогі Хрысціянаў. Час навэнны быў асаблівым часам для членаў АДМА. Гэта быў час духоўнай падрыхтоўкі да Урачыстасці Марыі Успамогі. 24 мая Асацыяцыя адзначыла сваё 5-годдзе існавання ў Смаргоні. Асацыяцыя Марыі Успамогі была заснавана святым Янам Боско “для пашырэння ўшанавання Найсвятейшага Сакрамэнту і набожнасці да Марыі Успамогі хрысціянаў”. Ксёндз Боска пажадаў заснаваць Асацыяцыю Марыі Успамогі Хрысціянаў, як знак удзячнаці Марыі за Яе матчыную прысутнасць у яго жыцці і ў яго дзейнасці і, як форму хрысціянскага жыцця, заснаваную на пазнаванні, любові і наследванні Панны Марыі. Асацыяцыя Марыі Успамогі кананічна ўзведзена ў Санктуарыі Марыі Успамогі ў Турыне 18 красавіка 1869 году. Зацверджана 5 красавіка 1870 году благаслаўлённым Піем IХ, як Братэрства, якое належыць да Салезіянскай сям’і. У смаргонскай парафіі св.Міхала Арханёла АДМА з’явілася дзякуючы сястры-салезіянке Веранікі Блязнюк. Моцная вера сястры Веранікі, яе адвага і намаганні паспрыялі заснаванню шанавальнікаў Марыі Успамогі. Урачыстасць Марыі Успамогі пачалася з малітвы перад Найсвятейшым Сакрамэнтам. 1000 разоў гучным рэхам, стоячы на каленях, вернікі парафіі св.Міхала Арханёла разам з ксяндзом Казімірам Мурава і ксяндзом Міхаілам Радзевічам узносілі малітву да Маці Божай, усклікаючы “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас”. Пасля малітоўнага акта “Марыя Успамога” ксёндз Дэлегат Павел Шчарбіцкі распачаў урачыстую святую імшу. Пад час гаміліі ксёндз Дэлегат прапанаваў кожнаму ўдзельніку святой імшы ўзгадаць сваю матулю. Жывую або адышоўшую ў вечнасць. Задаць сабе асабістае пытанне: “Чаму навучыла матуля? Якія добрыя ўчынкі матулі асабліва памятаем?” Ксёндз Дэлегат звярнуў увагу на Маці Божую, якая заўжды давярала Пану Богу. Прапанаваў памятаць пра давер Маці Божай да волі Пана Бога. Пасля гаміліі ксяндза Дэлегата Паўла Шчарбіцкага члены Асацыяцыі Марыі Успамогі (АДМА) урачыста склалі свае абяцанні “…жыць, даючы сведчанне вернасці Хрысту ў паўсядзённым жыцці, асабліва ў сям’і, у працы, у грамадстве і ў Касцёле, праз сілу, якая сыходзіць з малітвы, з частага і годнага ўдзелу ў Сакрамэнтах Паяднання і Эўхарыстыі..”. Спевам “О Марыя Магутная Панна”быў завершаны акт ахвяравання ўсёй Сям’і Салезіянскай Марыі Успамогі Хрысціянаў. Пад час урачыстай святой імшы была асвечана харугва з выявай Марыі Успамогі Хрысціянаў і Святой Марыі Дамінікі Мадзарэлла, заснавальніцы сясцёр-салезіянак. Гэта харугва была ахфяравана смаргонскай парафіі св.Міхала Арханёла членамі АДМА. Святая імша была завершана ўрачыстай працэсіяй па вуліцам горада. Вернікі са свечкамі ўшаноўвалі Марыю Успамогі Хрысціянаў, молячыся на ружанцы. У пачатку працэсіі неслі харугву, ахвяраваную шанавальнікамі Марыі Успамогі. Ідучы вуліцамі горада ва ўрачыстай працэсіі, мужчыны-салезіяне, апранутыя ў бардовыя комжы, з гонарам неслі фігуру Марыі Успамогі Хрысціянаў. Вакол фігуры Марыі, адмаўляючы ружанец, жанчыны АДМА неслі вянок. На прыканцы працэсіі ўсе вернікі парафіі св.Міхала Арханёла атрымалі благаслаўленне з акрапленнем святой вадой праз заступніцтва Марыі Успамогі. Ва ўрачыстай святой імшы прынялі ўдзел ксяндзы-салезіяне смаргонскай парафіі на чале з пробашчам парафіі ксяндзом Артурам Ляшнеўскім, які сваім маладым запалам, пабожнасцю, навукова-гістарычнымі ведамі вельмі шмат зрабіў для ўшанавання Марыі Успамогі Хрысціянаў. Пад час урачыстага святкавання прысутнічаў ксёндз Алег Жураўскі, які пяць гадоў назад, даверыўся Маці Божай і блаславіў АДМА ў парафіі св.Міхала Арханёла на існаванне. Ксяндзы Анатолій Казлоўскі і Вадзім Сурвіла разам маліліся са святарамі парафіі св.Міхала Арханёла. Сястра-салезіянка Ірына Барцэвіч, якая шмат гадоў аддана працавала з дзеткамі і моладзю ў парафіі, а зараз працуе ў Мінску, таксама прыняла ўдзел ва Урачыстаці Марыі Успамогі. Марыя, як Маці Божага Сына, з’яўляецца Каралевай неба і зямлі: увесь Касцёл, у асобах апосталаў і святых, велічае Яе, як Маці і магутную Успамогу.
Back to Top