ПАЎЛІНКА 16+ / Янка Купала

23 траўня 1944 года тэатр у эвакуацыі дае прэм’еру “Паўлінкі” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы ў пастаноўцы Льва Літвінава. 23 траўня 2021 года тэатр у выгнанні дае прэм’еру “Паўлінкі” паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы ў пастаноўцы саміх Купалаўцаў. Вы ведалі, што ўсе гэтыя гады фінал “Паўлінкі” кардынальна адрозніваўся ад таго, што першапачаткова пісаў Янка Купала? Рэжысёру Льву Літвінаву арыгінальны фінал падаўся занадта змрочным для цяжкіх ваенных часоў. У выніку было прынятае рашэнне: замяніць трагічны фінал на шчаслівае яднанне каханкаў, якія збягаюць, узяўшыся за рукі, насустрач новаму жыццю. Менавіта такім спектакль і праіснаваў на сцэне больш за сем дзесяцігоддзяў. Але калі казаць праўду, то ісці да канца. Мы вярнулі “Паўлінцы” яе сапраўдны фінал. Паводле купалаўскай традыцыі, пасля апошняй фразы апошняга спектакля ў сезоне кожны артыст мусіць гучна і ёмка адвесіць са сцэны “Усё”, тым самым сімвалічна завяршаючы сезон. Мы прайшлі складаны шлях і працягваем несці далей тыя каштоўнасці, якія даверыла нам старэйшае пакаленне легендарных Купалаўцаў. Наша прэм’ера – тое самае гучнае сімвалічнае “Усё”. Мы ідзём далей, але цяпер ужо новым свабодным шляхам, пакідаючы там, у гісторыі, усё найлепшае, што адбывалася з намі, усё горкае, што вучыла нас жыццю, усіх тых, хто да канца застанецца роднымі і блізкімі, як бы нас ні раскідвала па акопах. Безумоўна, 101 сезон увайшоў у гісторыю. Першы сезон за шмат гадоў, які не распачаўся традыцыйнай “Паўлінкай”. Першы сезон, калі мы перасталі быць проста артыстамі. Мы сталі ўсім тэатрам. І гэта не развітанне, гэта сапраўднае нараджэнне Незалежнай тэатральнай групы “Купалаўцы”. Дзве дзюркі ў носе і пачалося! Адмыслова да прэм’еры мы падрыхтавалі субтытры на англійскай, французскай, нямецкай, украінскай, польскай, рускай і нават кітайскай мовах. Выбраць патрэбны вам варыянт можна ў наладах відэа падчас прагляду. Калі раптам вы маеце сілы і жаданне перакласці спектакль на сваю родную мову, пішыце нам у сацсетках, падзелімся адаптаваным тэкстам і потым абавязкова дададзім у якасці субтытраў. Прэм’ера 23 траўня. 19:00. “Паўлінка”. Сцэны са шляхоцкага жыцця. Паводле аднайменнай п’есы Янкі Купалы. Ролі выконваюць: Вядучы - Мікалай Пінігін Сцяпан Крыніцкі - Ігар Сігоў Альжбета - Зоя Белахвосцік Паўлінка - Кацярына Алейнікава Пранцісь Пустарэвіч - Віктар Манаеў Агата - Наталля Качаткова Якім Сарока - Павел Астравух Адольф Быкоўскі - Алег Гарбуз Адэля - Яўгенія Кульбачная Вінцусь - Дзмітрый Тумас Госці - Павел Паўлюць, Аляксандр Казела, Таццяна Дзянісава, Кацярына Яворская, Антаніна Дубатоўка, Марына Гардзіонак. Музыкі - Уладзімір Кур’ян, Андрэй Сенажэнскі, Юры Хілавец. Сачыце за навінамі ў нашых сацсетках І, вядома, нас заўсёды можна падтрымаць тут:
Back to Top