Анатоль Сыс - Адпусьціце мяне, Курапаты

Адпусьціце мяне, Курапаты, нават з куляю ў галаве, да дзяцей, да жаны, да хаты. Як там Бацькаўшчына жыве? Як там сад мой? Абрыдлі сосны, нават камень ня ўлежыць ніц. Я вярнуся, такі ўжо лёс мой- плакаць жвірам з пустых вачніц. Адпусьціце мяне да хаты. Як жа так - прапусьціць сяўбу? Я ж да сьмертухны быў аратым, я ж прашуся не на гульбу. А ў залог вам пакіну кулю, і - дадому, у Журавы! Зайду ў двор, абдыму матулю, пацалую, нібы жывы. Анатоль Сыс
Back to Top