Не будзе перабольшваннем сказаць, што малыя рэчкі поўняцца неспадзеўкамі, і чакаць ад іх можна разнаякага. Толькі шыцік ведае, што ў іх робіцца. А часам здаецца, што нават і ён не можа прадугледзець таго, што рыхтуе рачулка свайму заўсёдніку ў ягонае чарговае наведванне.
Калі ходзіш у спякоту па беразе, праплішчыўшыся праз шчыльныя зараснікі трыснягу ці калючы хмызняк, асцерагаючыся, каб не трапіць у госці да багніка ці бабра, і ў выніку ўсіх намаганняў атрымліваеш пару зловаў у лепшым выпадку, а часцей – сціплы дзяўбунец, то мяркуеш, што рыбы тут наўпрост няма. І толькі праз прыродную цікаўнасць прывозіш да рачулкі «выгуляць» свой чоўнік.
І тут адкрываецца неспадзяванае: самавітыя язюкі шныпараць па суцэльнаму кіліму багавіння, сярод лейцаў урэчніку прыгадваюцца знаёмыя постаці галавачоў, а часам натрапіш на цэлы касяк ляшчоў – памерам са сталоўскі паднос. Дзіву даешся, як гэны размаіты хаўрус змяшчаецца ў кволай рачулцы. Але, на жаль, у асноўным даводзіцца толькі назіраць за ўсім вадзянікавым багаццем. Хаця, падумаўшы крыху болей, выходзіць, зусім не на жаль, а ўвогуле добра, што крышачку прыадкрыла рачулка для цябе свае таямніцы, падзялілася патаемным скарбам, а ты, у сваю чаргу, сузіраўшы дзіўнае, вяртаешся на бераг з іншым разуменнем рачнога жыцця, а мо нават і свайго асабістага, з іншым стаўленнем да рыбалоўлі. Вось чаму трафей на гапліку – гэта не галоўнае!